ТЫПАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

адзін з кірункаў лінгвістычных даследаванняў, што ўстанаўлівае падабенствы і адрозненні моў свету (моўнага ладу), якія карэняцца ў найб. агульных і найб. важных якасцях мовы і не залежаць ад іх генет. роднасці. Засн. на прынцыпах тыпалогіі моўнай. Узнікла ў 19 ст., грунтавалася на вывучэнні падабенства і адрознення ў марфал. структуры моў незалежна ад іх роднасных сувязей (гл. Марфалагічная класіфікацыя моў). Паводле гэтай класіфікацыі натуральныя мовы падзяляюцца на 4 тыпы: коранеізаляваныя мовы, аглюцінатыўныя мовы, інкарпараваныя мовы і флектыўныя мовы. Аднак многія мовы не падпадаюць пад «чыстыя» тыпы марфал. класіфікацыі, бо маюць асаблівасці розных тыпаў. Інш. канцэпцыя была пакладзена ў аснову Т.к.м. у 20 ст. Э.​Сепірам: улічваліся тыпы функцыянавання фармальна-грамат. элементаў і перадаваемых імі грамат. паняццяў: каранёвых, канкрэтных, дэрывацыйных, канкрэтна-рэляцыйных і чыста-рэляцыйных. Камбінацыі гэтых прыкмет даюць 2 асн. тыпы моў: чыста-рэляцыйныя і змяшана-рэляцыйныя. Спробу зменшыць расплывістасць тыпаў моў паводле Сепіра зрабіў Дж.​Грынберг, які ўвёў колькасныя паказчыкі і стварыў т.зв. квантытатыўную тыпалогію моў. Істотнае навук. значэнне мае падзел на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Крытэрыем Т.к.м. можа служыць сінтаксіс, а менавіта — структура сказа. На гэтай падставе мовы падзяляюць на намінатыўныя (уся будова сказа падпарадкавана максімальнаму адрозненню суб’екта дзеяння і яго аб’екта), эргатыўныя (сказы проціпастаўляюцца паводле актыўнасці суб’екта: актыўны суб’ект перадаецца адмысловым эргатыўным склонам), актыўныя (вылучаюцца наяўнасцю семантыка-сінтакс. апазіцыі актыўнай і пасіўнай канструкцый), класныя [істотнае значэнне маюць разрады (класы) назоўнікаў і дзеясловаў, спалучэнні якіх рэалізуюцца ў розных структурах сказаў] і нейтральныя (вылучаюцца тым, што не фіксуюць выразна суб’ектна-аб’ектныя адносіны). Акрамя ўнутр. асаблівасцей моў, у аснову Т.к.м. могуць быць пакладзены іх знешнія сац. характарыстыкі: функцыянальная разнастайнасць і аб’ём зносін на пэўнай мове, наяўнасць пісьменства і працягласць пісьмовых традыцый, ступень унармаванасці мовы, дыялектная і сацыялектная разгалінаванасць нар. мовы, прававы, канфесіянальны, пед. і інш. статус мовы. Стварэнне сучасных несупярэчлівых структурных і сац. Т.к.м. ідзе пераважна па шляху ўдакладнення і эксплікацыі крытэрыяў іх падзелу на тыпы, а таксама распрацоўкі апарату універсальнай метамовы. Значныя дасягненні ў галіне Т.к.м. належаць мовазнаўцам Т.​Мешчанінаву, Т.​Мілеўскаму, Н.​Мячкоўскай, У.​Скалічку, Б.​Успенскаму і інш.

Літ.:

Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;

Успенский Б.А. Структурная типология языков. М., 1965;

Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980;

Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структурная и социал. типология языков. М., 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)